Редько Савва

Редько Савва, ученик 9 класса. Учится на 6-9, занимается в музыкальной школе, посещает "Воскресную школу", любит читать, петь, сочиняет сказки,  часто принимает участие в  музыкальных конкурсах.

Участие в конкурсах: 16.12.2010 - 2 место в конкурсе баянистов в г.п. Телеханы.

Декабрь 2010 г. - выход в финал конкурса "Звёздный дождь" в дуэте с ученицей 8 класса Криштопчик Александрой.

Февраль 2011 г. - победа в конкурсе открытых уроков по музыкальной литературе.

21.02.2012 г. - участие в от отборочном туре районного конкурса исполнителей на народных инструментах им. Жиновича.

За 4 года обучения в музыкальной школе принимал участие в 28 концертах.

Сказки:

 

Раённы конкурс літаратурных твораў “Спроба пяра”,
прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
 
 
 
 
 
Казка пра маленькую дзяўчынку Ліку
і яе сяброўку – чараўніцу Калі
 
 
 
 
 
 
Жыла-была дзяўчынка, якую звалі Ліка. У яе былі тата і мама, бабуля і дзядуля, але не было ні браціка, ні сястрычкі. Мама з татам заўсёды былі заняты важнымі справамі, а калі прыходзілі дадому з работы, то кожны з іх ішоў у свой пакой, каб зноў займацца важнымі, на іх погляд, справамі: чытаць, адпачываць пасля цяжкага працоўнага дня... Бабуля вяла ўсю хатнюю гаспадарку, а дзядуля, як зачараваны, сядзеў каля тэлевізара. Ліка ж адчувала сябе адзінокай, нікому не патрэбнай, і таму часта была сумная.
            Аднойчы вечарам бацькі Лікі прыйшлі з работы. Дзяўчынка, як заўсёды, адразу кінулася да іх, каб абняць і пацалаваць, а яны далі ёй, як звычайна, ласункі, пацалавалі яе і зноў разышліся па сваіх пакоях. Толькі сказалі дачушцы, што моцна стаміліся і ім хочацца адпачыць. Дзяўчынцы стала вельмі сумна, і яна пабегла да бабулі, але тая гатавала вячэру. Дзядуля глядзеў па тэлевізары чарговы футбольны матч і папрасіў не турбаваць яго. Тады Ліка паспрабавала пагуляць сама, але хутка яна зноў засумавала і пайшла да бабулі.
-         Можна я табе дапамагу? – папрасіла Ліка.
-         Ах, мая ты памочніца! – узрадавалася бабуля. - Ідзі палі кветкі ў сваім пакоі. Толькі не палівай жоўтую кветачку: ёй можа пашкодзіць лішняя вада, і тады яна прападзе.
Ліка зайшла ў свой пакой і паліла ўсе кветкі, акрамя жоўтай. Яна пастаяла каля гэтай вельмі прыгожай і незвычайнай кветкі, палюбавалася ёю, а потым падумала: “Чаму ж гэта яе нельга паліваць, калі вада ў гаршку сухая?” І паліла яе.
-         Прывітанне! – пачула яна чыйсьці голас.
Ліка вельмі здзівілася. Яна агледзела ўвесь пакой, але нікога не заўважыла. Тады дзяўчынка паглядзела на кветку. А кветка стала яшчэ больш прыгожай: яна распусціла свае пялёсткі і нібы нечаму радавалася. Ліка заглядзелася на кветку, шчыра ўсміхнулася і – о дзіва: што гэта? – убачыла: на пялёстку сядзіць маленькая дзяўчынка.
-         Ты хто? – здзівілася Ліка.
-         Мяне завуць Калі, і я чараўніца Краіны Кветак. А жоўтая кветка – мой дом. Я ведаю, што цябе завуць Ліка, і бачу, што ты часта сумуеш. Чаму так?
Дзяўчынка трошкі памаўчала, а потым адказала:
-         Бо я адна: у мяне няма ні браціка, ні сястрычкі, мне няма нават з кім пагуляць.
Хутка чараўніца пачула ад Лікі яшчэ адно пытанне:
-         А адкуль ты ведаеш, як мяне завуць?
-         Дзіўная, - ласкава ўсміхнулася Калі. - Я ж чараўніца, таму ведаю пра ўсё. Паслухай: ты – Ліка, а я – Калі. У нас нават імёны амаль аднолькавыя. І з’явілася я ў вашым доме таму, што ты тут жывеш.
-         Цяпер я разумею, чаму бабуля не дазваляла мне паліваць гэту кветку: яна баялася загубіць цябе, - ціха прамовіла занепакоеная дзяўчынка. – Што ж я нарабіла!
-         Супакойся, - ціха сказала Калі. – Дарослыя не ведаюць пра нас, і нам нельга ім паказвацца. Нам нельга наогул паказвацца людзям. Але ты была заўсёды такая сумная, што мне стала цябе шкада, і мне захацелася з табой пасябраваць.
-         Ура! У мяне будзе сяброўка! – радасна ўсклікнула дзяўчынка, але потым сумна дадала: - Але як мы будзем сябраваць? Ты такая маленькая, а я вялікая…
    -   Вельмі проста. У пакоі ёсць чароўная кветка. На ёй ёсць чорная кропка. Калі ты да яе дакранешся, то станеш такой маленькай, як і я.
Ліка дакранулася да кветкі, і адразу стала маленькай і вельмі лёгкай. Чараўніца Калі зрабіла на кветцы арэлі, і сяброўкі з задавальненнем гушкаліся на іх.  Ліка ўспомніла, што зараз уся сям’я будзе вячэраць.
    - Мне патрэбна ісці на кухню, бо бабуля хутка будзе клікаць усіх за стол і зойдзе па мяне ў пакой. А заўтра мы сустэнемся? – спытала ў чараўніцы Ліка.
     - Канечне, - адказала Калі.
Ліка дакранулася да чорнай кропкі на кветцы і зноў стала вялікай. І тут у пакой увайшла бабуля і паклікала ўнучку вячэраць.
 Пасля вячэры Ліка хутка вярнулася ў свой пакой. Яна падбегла да акна і ўбачыла, што пялёсткі кветкі закрыліся. Дзяўчынка ўздыхнула і сказала:
-         Дабранач, Калі!
І ў адказ пачула ціхае:
-         Дабранач, Ліка!
Дзяўчынка радасна ўсміхнулася: нарэшце ў яе з’явілася сяброўка! Яна пачала марыць, як яны будуць гуляць, як яна пакажа чараўніцы свае цацкі і кнігі, як яны разам будуць глядзець праз акно на вуліцу і назіраць за машынамі і пешаходамі. З такімі думкамі Ліка заснула. Ноччу ёй сніўся сон, што яна трапіла ў Краіну Кветак, пазнаёмілася з іншымі чараўніцамі, гуляла з імі сярод кветак і лётала, лётала.
Ноч праляцела вельмі хутка. Раніцай Ліка прачнулася сама, без бабулінай дапамогі. Хутка апранулася, умылася, заправіла ложак і пабегла да кветкі.
-         Прывітанне, мая дарагая Калі!
-         Прывітанне, Ліка! – сказала Калі.
Кветка адразу раскрыла свае пялёсткі.
-         А чым мы сёння будзем займацца? – спытала Ліка.
-         Мы будзем з табой лятаць! – адказала Калі.
Калі адарвала ад кветкі два пялёсткі і прычапіла іх да сваёй спіны. Пялёсткі адразу ж ператвырыліся ў крыльцы. Ліка сама дакранулася да чорнай кропкі на кветцы і стала маленькай. А Калі прычапіла на спіну сваёй сяброўцы два маленькія пялёсткі-крыльцы. Дзяўчынкі з задавальненнем лёталі па пакоі. Ім было весела, яны смяяліся і не заўважалі, як хутка ідзе час. Але Ліка была даволі асцярожнай дзяўчынкай, таму яна добра памятала, што кожную раніцу яе будзіць бабуля.
     - Ой, мне пара зноў станавіцца вялікай, бо хутка прыйдзе бабуля, - сказала Ліка.
Дзверы ціха расчыніліся, і бабуля паклікала:
-         Уставай, соня!
-         А я ўжо не сплю! Добрай раніцы, бабуля! Якое ўсё сёння прыгожае! А я такая шчаслівая! – зашчабятала дзяўчынка.
-         Ну, вось і добра. Умывайся і хадзі снедаць, - сказала бабуля і зачыніла дзверы.
-         Як добра, што ты ў мяне ёсць, Калі! Ты мая сяброўка.
-         Так і будзе заўжды, толькі ты не павінна нікому пра мяне расказваць, інакш я знікну.
Час ляцеў незаўважна. Так прайшоў амаль год. Восенню Ліка павінна была ісці ў першы клас. Дзяўчынка адначасова радавалася і сумавала, бо лічыла, што Калі без яе будзе сумаваць. А яшчэ ў Лікі нарадзілася маленькая сястрычка, якую назвалі Ніка.
Ліка не магла ўжо увесь вольны час праводзіць з Калі, бо ёй трэба было вучыць урокі, а яшчэ вельмі хацелася пагуляць з маленькай сястрычкай. Ніка паціху расла, навучылася сядзець, поўзаць і хадзіць, а потым і гаварыць. Ліка так хацела расказаць ёй пра сваю сяброўку-чараўніцу, але яна помніла, што гэтага рабіць нельга. Але аднойчы, калі Ліка і Калі лёталі па пакоі, туды зайшла Ніка. Здарыўся цуд: на падаконніку распусцілася чырвоная кветка, а ў ёй сядзела маленькая чараўніца.
-         Прывітанне ўсім! Мяне завуць Кані, - сказала чараўніца з чырвонай кветкі.
-         Што тут робіцца? – спытала маленькая Ніка.
Ліка і Калі весела засмяяліся. Яны доўга расказвалі Ніцы і Кані пра сваё сяброўства.
На гэтым казка заканчваецца, але не заканчваецца гісторыя сяброўства дзвюх сястрычак і дзвюх чараўніц з Краіны Кветак – Калі і Кані.
 

 

 

 

Раённы конкурс літаратурных твораў “Спроба пяра - 2012”,

прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння М. Танка .

(Стаў пераможцам). 
 
Казка
 
Пяць залатовак
 
Жыў-быў хлопчык, які хацеў стаць піратам. Усе яго рэчы: кніжкі, сшыткі, альбомы для малявання, дыскі з фільмамі, майкі, курткі, штаны – былі з выявамі піратаў. Ён нават і гаварыў як заядлы марскі воўк: “Узяць усіх на абардаж!”, “Шаснаццаць чалавек на скрыню нябожчыка”, “Йё-хо-хо і бутэльку рому”.
         Ён быў адзіным дзіцяцем у сям’і. Бацька з маці працавалі настаўнікамі ў школе, таму часта затрымліваліся там да вечара. З імі разам таксама жылі бабуля з дзядулем. Хлопчык вельмі любіў бабулю, бо з ёю ён мог па некалькі гадзін запар размаўляць пра піратаў, караблі, марскія бітвы. Асабліва ён любіў вечары, калі бабуля чытала яму перад сном.
Ён быў ужо даволі вялікі, хадзіў у пяты клас. Сябры смяяліся з хлопчыка і гаварылі, што цудаў на свеце не бывае, як няма зараз і піратаў, што ён ніколі не стане не толькі піратам, але нават і мараком. Але ён верыў, што калі-небудзь наступіць такі дзень, калі ён апынецца ў кампаніі вясёлых Джэка Вераб’я або высакароднага капітана Блада.
І вось аднойчы вечарам ён слухаў, як бабуля чытае яму, і марыў. Неўзабаве бабуля замаўчала, а потым ціхім таемным голасам сказала: “Сёння асаблівая ноч – ноч перад Калядамі. Бачыш на небе зорку? Паглядзі на яе і загадай жаданне. Яно абавязкова збудзецца”. Бабуля пацалавала хлопчыка і пайшла спаць.
Хлопчык паглядзеў на зорку, моцна заплюшчыў вочы і …
- Чаго рот разявіў, салага? Хутка мый палубу, а то зараз выкіну цябе за борт.
Калі хлопчык расплюшчыў вочы, ён убачыў рослага мужчыну з чорнай барадой у вопратцы пірата. А сам ён стаяў на палубе вялізнай фрэгаты, а вакол было сіняе-сіняе мора. Па караблі туды-сюды снавалі піраты. Хлопчык агледзеў сябе і здзівіўся: ён сам быў у вопратцы пірата.
 - Як я тут апынуўся? А вы хто такі? Што вы ад мяне хочаце?
 - Ты што, галавой стукнуўся, юнга? Давай працуй, драй палубу, ды глядзі, каб яна блішчала. А то капітана паклічу.
 - Хто тут мяне сабраўся клікаць?
Да хлопчыка падышоў нізенькі чалавек у вялізнай чырвонай трохвуголцы і чорным камзоле. Адной нагі ў яго не было, а замест яе быў прымацаваны драўляны пратэз. Акрамя таго, правае яго вока было закрыта чорнай круглай павязкай на чорнай вяровачцы.
“Як у сапраўдным фільме пра піратаў,” – падумаў хлопчык. Але больш яму не далі магчымасці марыць і разважаць. У руцэ капітана была сапраўдная пірацкая скураная нагайка, якою ён замахнуўся на хлопчыка. Маленькі “пірат” пачаў старанна мыць палубу. Ён мыў яе доўга, аж пакуль не сцямнела. Хлопчыку вельмі хацелася есці і піць, ён вельмі стаміўся: яму моцна балелі спіна, ногі і рукі. “Вось што значыць лайдачыць на ўроках фізкультуры… Добра яшчэ, што бабуля і мама вучылі, як трэба мыць падлогу, мыць посуд, прывучылі прыбіраць за сабой рэчы”, - такія невясёлыя думкі лезлі хлопчыку ў галаву. Але больш за ўсё хлопчыку хацелася дадому – да бабулі, мамы, да сваіх кніг. І калі ў яго ўжо амаль не было сіл, той самы рослы пірат паклікаў яго вячэраць.
- Мяне завуць Філ. А ты малайчына, добра працаваў. Хадзем павячэраем, і я табе пакажу, дзе ты будзеш спаць.
Хлопчык не памятаў, ні як ён еў, ні што ён еў, ні як дабраўся да ложка. Ён толькі моцна заплюшчыў вочы і сказаў: “Жадаю быць дома”.
…Хлопчык прачнуўся, пацягнуўся і хацеў клікаць бабулю. Ён раскрыў рот і расплюшчыў вочы … і замаўчаў: перад ім стаяў Філ і крычаў:
- Доўга яшчэ будзеш валяцца ў ложку? Уся каманда ўжо паснедала і працуе. Хутчэй, хутчэй!
Такое жыццё працягвалася чатыры дні. Хлопчык пазнаёміўся з камандай. Ніхто не пытаў у яго, адкуль ён узяўся, быццам людзі маглі нечакана з’яўляцца на караблі.
         І вось, калі хлопчык звыкся з тым, што нічога ўжо не зменіцца, здарылася нечаканае. Хлопчык мыў палубу і заўважыў за левым бортам невялікую лодку. Ён закрычаў. Адзін з матросаў-піратаў абвязаўся вяроўкай і скочыў у ваду. У лодцы не было нічога, акрамя старой незвычайнай бутэлькі. Ды і сама лодка была вельмі старая.
         Капітан разбіў бутэльку - у ёй былі карта і запіска. На карце былі англійскія абазначэнні, а вось запіска была напісана на незнаёмай мове. Ніхто не мог прачытаць, што там было напісана, але ўсе здагадаліся, што гаворка ідзе пра скарбы. І толькі зараз хлопчык зразумеў, што   ўвесь гэты час ён размаўляў з камандай па- англійску (нездарма ў школе англійская мова была  яго любімым прадметам).
         Капітан спытаў, хто можа прачытаць гэтую запіску. Ніхто не ведаў гэтай незвычайнай мовы. Кожны, хто ні глядзеў на гэты лісток, не мог прачытаць і перадаваў яго наступнаму. Калі ліст трапіў у рукі юнгі, той радасна ўсклікнуў: “Гэта ж напісана па-беларуску!” На хлопчыка ўсе паглядзелі са здзіўленнем. Капітан загадаў хлопчыку чытаць. І хлопчык з задавальненнем гэта зрабіў. Выявілася, што непадалёку ад іх месцазнаходжання, на адным з астравоў, быў схаваны скарб. Тое, што хлопчык валодаў невядомай для ўсіх мовай, адразу павысіла ў вачах піратаў статус юнгі. На фрэгаце ён стаў паважаным чалавекам.
         Праз некалькі гадзін карабель кінуў якар каля патрэбнага вострава. Уся каманда сышла на бераг. Калі было знойдзена месца, пазначанае на карце, пачуліся крыкі радасці. Выявілася, што скарб знаходзіўся ў пячоры, і каб туды трапіць, трэба было спусціцца пад зямлю.
         Сэрца хлопчыка моцна білася. Колькі разоў ён уяўляў сабе гэты момант – знаходжанне скарба.
         Вось яна, гэтая пячора. А перад ёю лесвіца. Колькі ж там прыступак? І раптам па абодва бакі загарэліся сотні факелаў. Гэта было незабыўнае відовішча.
         Усе піраты пабеглі ўніз. Хлопчык бег таксама. Лесвіца скончылася, усе раптам спыніліся. Зноў успыхнулі сотні факелаў. Перад вачамі матросаў паўсталі куфры з тканінай, посудам, жаночымі ўпрыгожаннямі, зброяй, золатам.
         Усе скакалі, крычалі, абдымаліся, а потым  ўсе скарбы пачалі выцягваць на паверхню. Хлопчык таксама дапамагаў, але той асаблівай радасці, якой ён чакаў ад знаходжання скарба, не адчуваў. Яму вельмі хацелася дамоў.
         Калі скарб быў падзелены, то хлопчыку дасталося пяць залатых манет, на якіх была выява нейкай каралевы ці імператрыцы. Але хлопчыку было ўсё роўна.
         Каманда піравала, чуліся песні, крыкі. А хлопчык пайшоў спаць. Ён моцна заплюшчыў вочы і загадаў жаданне, якое ён загадваў ужо пяць вечароў запар.
         - Божанька! Я так хачу дадому. Мне нічога не трэба: ні прыгодаў, ні скарбаў, ні караблёў, ні піратаў, ні мора. Я хачу да бабулі, дзядулі, матулі і бацькі. Я буду паслухмяным, буду добра вучыцца, дапамагаць бацькам, ніколі не буду марыць пра піратаў. Толькі вярні мяне дадому.
         - Унучак! Уставай! Пара ў школу. Зноў марыў усю ноч пра сваіх піратаў і не выспаўся?
         Бабуля, любімая бабуля, стаяла ля хлопчыка і пяшчотна гладзіла яго па галаве. А ён ляжаў  у сваім пакоі, у сваім ложку, у сваёй піжаме.
         - Бабулечка, даражэнькая мая! Няўжо я дома? Дай я цябе пацалую. Ты нават не ўяўляеш, што мне сёння прыснілася!
         Хлопчык пачаў расказваць. Бабуля слухала, потым падышлі дзед, матуля і бацька. Усіх хлопчык абдымаў і зноў пачынаў расказваць пра свой сон.
         - Вельмі добра, што гэта быў толькі сон, - сказаў бацька. - Прыбірай ложак, і ўсе пойдзем снедаць, а то спознімся  на работу, а ты - у школу.
         Хлопчык хутка падняўся, схапіў коўдру, падушку. І што гэта ляжала пад падушкай? Пяць манет. Тых самых залатовак з выявай нейкай каралевы ці імператрыцы.